Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Раніцай 10 чэрвеня 1991 года 11-гадовая Джэйсі Дугард выйшла з дома на ўскраіне ціхага курортнага гарадка Саўт-Лэйк-Таха ў гарах Паўночнай Каліфорніі. Да прыпынку школьнага аўтобуса на скрыжаванні было ўсяго некалькі дзясяткаў метраў. Раптам на ўзбочыне побач прытармазіў незнаёмы шэры седан. Джэйсі вырашыла, што ў яе хочуць спытаць дарогу, але з акна высунулася рука. Трэск, удар — і цела перастала слухацца, дзяўчынка асела ў кусты. З пасажырскага месца выскачыла жанчына, зацягнула аглушанае электрашокерам дзіця назад у салон тварам уніз і накрыла коўдрай. Машына сарвалася з месца. «Не магу паверыць, што нам гэта ўдалося», — засмяяўся мужчына за рулём.

Пошукі ўсляпую

Джэйсі Лі Дугард нарадзілася 3 траўня 1980 года ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса. Бацькі яна не ведала — ён і сам не ведаў пра яе існаванне, — і маці Тэры гадавала яе адна, а калі дзяўчынцы было сем, выйшла замуж за ўкладчыка дываноў Карла Пробіна: праз пару гадоў у мужа і жонкі нарадзілася яшчэ адна дачка, Шэйна. У верасні 1990-га сям’я перабралася з мегаполіса ў курортны гарадок Саўт-Лэйк-Таха на беразе горнага возера ў Паўночнай Каліфорніі — спакайнейшае і бяспечнейшае месца, каб гадаваць дзяцей. Джэйсі пайшла ў пяты клас, завяла сябровак і штораніцы хадзіла да аўтобуснага прыпынку адной і той жа дарогай — уверх па ўзбочыне да скрыжавання.

Джейси Ли Дугард в детстве. Фото: wikipedia.org
Джэйсі Лі Дугард у дзяцінстве. Фота: wikipedia.org

У той панядзелак айчым працаваў у гаражы над сваім фургонам. У 08.10 Джэйсі развіталася з ім, і, апранутая ў любімы ружовы касцюм, пайшла ў школу. Крыху пазней пачуўся ўскрык. Вызірнуўшы, мужчына ўбачыў, як Джэйсі запіхваюць у чужую машыну. Карл выбег, ускочыў на ровар і кінуўся ў пагоню, але аўто паскорылася і схавалася за паваротам, перш чым удалося хаця б разгледзець нумар. Сцэну назіралі некалькі школьнікаў на прыпынку, але дэталяў ніхто не запомніў.

Прыбегшы дадому, Карл выклікаў паліцыю, і пошукі пачаліся неадкладна: улёткі з фатаграфіяй Джэйсі расклеілі па ўсім раёне, паліцыя і валанцёры прачэсвалі наваколлі, апытвалі жыхароў, да справы падключыліся тры дзясяткі агентаў ФБР. Ужо на наступны дзень акруга і сям’я разам прызначылі ўзнагароду — дзесяць тысяч даляраў за любую карысную інфармацыю. Выкраданне Джэйсі абмяркоўвалі на ўсіх федэральных тэлеканалах. Аднак ніводнай сур’ёзнай наводкі так і не з'явілася.

Месца выкрадання Джэйсі. Скрыншот: Google Maps
Месца выкрадання Джэйсі. Скрыншот: Google Maps
З газеты, якая выйшла адразу пасля выкрадання Джэйсі. На здымку паліцэйскія апытваюць кіроўцаў. Размешчаны фатаробат выкрадальніцы, складзены са словаў сведак. Фота: Reuters
З газеты, якая выйшла адразу пасля выкрадання Джэйсі. На здымку паліцэйскія апытваюць кіроўцаў. Размешчаны фатаробат выкрадальніцы, складзены са словаў сведак. Фота: Reuters

Тады следства пайшло па стандартнай схеме. Першымі падазраванымі сталі сам айчым і біялагічны бацька дзяўчынкі Кен Слэйтан. Але неўзабаве высветлілася, што апошні нават не ведаў пра існаванне дачкі, і яго хутка выключылі, а вось Карла зноў і зноў вазілі на паліграф. Усе праверкі ён прайшоў, але падазрэнні і пачуццё віны сваю справу зрабілі: «Страта Джэйсі забіла наш шлюб», — прызнаваў ён пазней. Тэры не магла дараваць мужу, што ён не ўратаваў дзяўчынку, і праз некалькі гадоў яны развяліся.

Праверыўшы стандартных для такіх выпадкаў падазраваных і мясцовых рэцыдывістаў, следства забуксавала. А чалавек, які на самай справе звёз Джэйсі, — судзімы за выкраданне і згвалтаванне, які афіцыйна стаяў на ўліку, — так тады і не трапіў у поле зроку праваахоўнікаў.

Тэры Пробін (злева), Карл Пробін і іх дачка Шэйна даюць інтэрв'ю ў 1997 годзе. Фота: Reuters
Тэры Пробін (злева), Карл Пробін і іх дачка Шэйна даюць інтэрв'ю ў 1997 годзе. Фота: Reuters

Футравыя кайданкі

Пакуль паліцыя абшуквала навакольныя лясы, шэры седан, у які заштурхнулі дзяўчынку, ехаў усё далей на захад. Праехаўшы каля 260 кіламетраў, ён спыніўся на ўскраіне статысячнага Антыёка блізу Сан-Францыска — ля звычайнага на выгляд катэджа з зарослым дрэвамі заднім дваром. За домам стаяў двухметровы плот, завешаны брызентам, а за ім хаваліся схаваныя ад старонніх вачэй павеці, навесы і палаткі.

Шлях выкрадання — дарога з Саўт-Лэйк-Таха ў Антыёк. Скрыншот: Google Maps
Шлях выкрадання — дарога з Саўт-Лэйк-Таха ў Антыёк. Скрыншот: Google Maps

Яшчэ ў машыне з Джэйсі знялі ўсё адзенне. Ёй удалося схаваць толькі падораны мамай пярсцёнак з матыльком — адзіную рэч, якая будзе нагадваць пра дом усе наступныя 18 гадоў. З галавой накрытую коўдрай дзяўчынку вывелі з машыны і завялі ў адну з пабудоў у двары — былую гуказапісвальную студыю. Яна была гукаізаляваная і адчынялася толькі звонку. Там мужчына зняў коўдру з яе галавы і сказаў, што мусіць надзець на Джэйсі кайданкі — «але яны з мехам, каб не націралі». І папярэдзіў: у двары даберманы, натрэніраваныя на чужынцаў, і калі яна паспрабуе бегчы, яе дагоняць. Ці былі сабакі насамрэч, дзяўчынка так і не даведалася.

У першы дзень яна не разумела, што адбываецца, і вырашыла, што яе выкралі дзеля выкупу. «Кажу яму, што ў маёй сям'і не так шмат грошай, але яны заплацяць, каб мяне вярнулі. А ён глядзіць на мяне, усміхаецца і кажа: „Праўда?“» — успамінала Джэйсі праз гады.

Дом выкрадальнікаў Джэйсі Дугард. Фота: Ken James / ZUMA Press via Reuters
Дом выкрадальнікаў Джэйсі Дугард. Фота: Ken James / ZUMA Press via Reuters

Тым самым вечарам мужчына змусіў яе прыняць душ разам з ім — тады Джэйсі расплакалася першы раз, а ён сумеўся і няёмка абняў яе, супакойваючы. «Я не хачу суцяшэння ад гэтага жудаснага чалавека, але тут больш нікога няма — і я неахвотна прымаю суцяшэнне, якое ён дае», — напіша яна потым у мемуарах. Першыя дні выкрадальнік толькі прыносіў палонніцы ежу, і яна была амаль радая яго бачыць: хаця б некалькі хвілін Джэйсі не была адна.

Праз некалькі дзён мужчына згвалціў 11-гадовую дзяўчынку. Ён быў пад наркотыкамі, і гэта доўжылася гадзінамі.

Монстр

Выкрадальніка звалі Філіп Гарыда. Ён нарадзіўся ў 1951 годзе ў Каліфорніі, пасля школы прыахвоціўся да марыхуаны і ЛСД — аднойчы яго нават затрымалі за захоўванне, — захапіўся псіхадэлічнай культурай, а потым — рэлігіяй. У 1972-м яго арыштавалі за згвалтаванне 14-гадовай дзяўчынкі, якую ён папярэдне накачаў барбітуратамі, але справу закрылі: напалоханая ахвяра адмовілася даваць паказанні.

Гарыда падпрацоўваў дзе давядзецца, граў на бас-гітары ў мясцовым гурце, пісаў песні. У 1973-м ён ажаніўся з аднакласніцай Крысцін Мэрфі — тая ўспамінала, што муж быў жорсткі: аднойчы спрабаваў выкалаць ёй вочы шпількай, а калі яна спрабавала сысці, сілай заштурхаў у машыну і павёз дадому. Разводзіцца ён не даваў — Крысцін змагла скасаваць шлюб толькі праз некалькі гадоў, калі Гарыда асудзілі за новае злачынства. «Шчыра? Я адчула палёгку, гэта было маё выйсце», — скажа яна праз дзесяцігоддзі, назваўшы былога мужа «монстрам».

Нэнси и Филлип Гарридо. Фото: propensitypod.com
Філіп Гарыда і Нэнсі Баканегра, якая стала яго жонкай у зняволенні ў 1981 годзе. Фота: propensitypod.com

Арышт, пасля якога мужчыну тады асудзілі, здарыўся 22 лістапада 1976 года — у Саўт-Лэйк-Таха, тым самым мястэчку, дзе пазней выкрадуць Джэйсі. Першай ахвярай таго вечара стала выпадковая жанчына, якой удалося вырвацца, другой — 25-гадовая Кэці Калаўэй, круп’е з мясцовага казіно: на паркоўцы да яе падышоў мужчына, папрасіў падкінуць: машына, маўляў, не заводзіцца. Кэці пагадзілася, але як толькі прытармазіла ля патрэбнага месца, Гарыда ўдарыў яе галавой аб руль, звязаў і звёз за сотню кіламетраў, у невадскі горад Рына, на загадзя падрыхтаваны міні-склад.

«Я проста хачу патрахацца. Паводзься добра, і балюча не будзе», — сказаў ён, запіхнуўшы Кэці ў памяшканне. Унутры аказаўся цэлы лабірынт з развешаных дываноў, усюды парнаграфія і секс-цацкі, а ў цэнтры ляжаў матрац. На ім Гарыда пад ЛСД гвалтаваў дзяўчыну ўсю ноч. Кэці раз-пораз страчвала прытомнасць, але запомніла, як ён разважаў пра часы Рымскай імперыі, калі мужчыны цалкам кантралявалі жанчын, а потым раптам загаварыў пра Ісуса і пра тое, што праз год збіраецца «аддацца Богу». Кэці вырашыла, што ён вар’ят.

Раніцай пустую машыну Кэці і зламаны замок на складзе заўважыў патрульны. Зайшоўшы ўнутр, ён наткнуўся на Гарыда, і тут раздзетая, перапалоханая Кэці кінулася да выхаду. Так яго арыштавалі — інакш, хутчэй за ўсё, дзяўчына не выжыла б.

Судова-псіхіятрычная экспертыза выявіла ў мужчыны «змяшаную сексуальную дэвіяцыю і хранічнае злоўжыванне наркотыкамі», але гэта не рабіла яго вар’ятам, і абвінавачанні былі выстаўленыя. На судзе Філіп прызнаўся, што рэгулярна мастурбаваў у машыне ля школ, назіраючы за дзяўчынкамі: «Ува мне была гэтая фантазія, нешта прымушала мяне гэта рабіць — і не было ніякага спосабу спыніцца». Няправільнымі свае паводзіны ён не лічыў. І казаў, што «апошнія тры гады верыў у Бога, але толькі ў турме сустрэўся з ім па-сапраўднаму».

Прысуд вынеслі суровы: 50 гадоў федэральнай турмы за выкраданне з перасячэннем мяжы штата плюс ад пяці гадоў да пажыццёвага — у залежнасці ад паводзінаў — у невадскай турме за згвалтаванне.

За кратамі Гарыда пазнаёміўся з санітаркай Нэнсі Баканегра, якая прыходзіла на спатканні да яго суседа — свайго дзядзькі. У кастрычніку 1981 года яны пажаніліся проста ў турме.

Магшоты Филлипа и Нэнси Гарридо, 1 сентября 2009 года. Фото: commons.wikipedia.org
Магшоты Філіпа і Нэнсі Гарыда, 1 верасня 2009 года. Фота: commons.wikipedia.org

Яшчэ ў першы год зняволення Гарыда сказаў турэмнаму псіхолагу, што праз рэлігійныя перакананні аддасць перавагу таму, каб адседзець увесь тэрмін, чым праходзіць прымусовую тэрапію. У 1978-м той напісаў у заключэнні экспертызы, што Гарыда стаў «вельмі заўзятым» сведкам Еговы: «Калі ён прысвячае сябе якой-небудзь справе, то падыходзіць да гэтага з максімальнай стараннасцю, — пісаў псіхолаг. — Прагноз паспяховага пераходу ў грамадства вельмі добры, імавернасць далейшых правапарушэнняў мінімальная».

Згодна з прысудам Гарыда мусіў заставацца за кратамі як мінімум да старасці. Але ў студзені 1988-га федэральная камісія па вызваленнях вырашыла, што ён адседзеў дастаткова, выправіўся і гатовы да жыцця ў грамадстве. Яго перавялі даседжваць невадскі тэрмін (тыя самыя пяць гадоў за згвалтаванне), але праз сем месяцаў выпусцілі і адтуль. У выніку з як мінімум 55 гадоў Гарыда адбыў усяго 11. Генеральны інспектар Каліфорніі, пазней правяраючы гэтае рашэнне, назаве яго «невытлумачальным». Калі б Гарыда застаўся ў турме, нічога з далейшага не здарылася б.

Муж і жонка Гарыда пасяліліся ў горадзе Антыёк, у доме маці Філіпа — тая пакутавала на дэменцыю і не ўсведамляла, што адбываецца навокал. Амаль адразу ён парушыў умовы датэрміновага вызвалення, без дазволу з’ездзіўшы ў Неваду — у казіно, дзе працавала Калаўэй. Кэці (яна нават не ведала пра яго выхад на волю) пазваніла куды трэба, пачалося федэральнае расследаванне — але яго хутка закрылі без наступстваў: агент па вызваленнях напісаў у рапарце, што падвяргаць Гарыда спецыяльнаму маніторынгу будзе «занадта клопатна», а падставаў няма, акрамя «істэрыкі» Калаўэй. На словах ён запэўніў дзяўчыну, што ёй не трэба больш баяцца Гарыда: «Ён будзе як у акварыуме. Штодзённыя праверкі, штодзённыя тэсты на наркотыкі. Гэты чалавек будзе пад мікраскопам да канца жыцця».

Не пройдзе і трох гадоў, як Гарыда выкрадзе маленькую Джэйсі — і ні адна праверка гэтага не заўважыць. Праз шмат гадоў, калі ўсё ўскрыецца, Кэці Калаўэй будзе ў жаху, раптам убачыўшы фота Філіпа ў навінах.

Сайт-Лейк-Тахо. Фото: Google Maps
Саўт-Лэйк-Таха. Фота: Google Maps

18 гадоў рабства

Першыя год-паўтара Джэйсі прабыла замкнутай у павеці-студыі, чатыры гады не пакідала задняга двара. Гарыда перыядычна ладзіў шматдзённыя наркамарафоны гвалту, якія называў «забегамі», а пасля, бывала, плакаў і прасіў прабачэння. У яго «праблемы з сексам», сказаў ён дзяўчынцы, і ён трымае яе пры сабе, каб не прыносіць шкоды нікому іншаму.

На кожнае згвалтаванне ён прыносіў электрашокер: «Калі я не хацела рабіць тое, што яму было трэба, ён уключаў яго і казаў нешта накшталт: ты ж не хочаш зноў гэта адчуць, так што паводзься добра», — успамінала Джэйсі.

Першы час дзяўчынцы было невыносна самотна — яна кожны дзень плакала па маці. Гарыда прынёс ёй кацяня, але таго не выпускалі са студыі нават у латок; неўзабаве ў пакоі засмярдзела, і Філіп забраў яго — больш Джэйсі не бачыла гадаванца.

Праз некалькі месяцаў палонніцы пачала насіць ежу Нэнсі — часам яна плакала і выбачалася, часам раўнавала. Потым Філіп і Нэнсі перабраліся жыць і спаць у студыю разам з Джэйсі. «Мне ўжо не было так самотна… Пасля „забегу“ ён мог схадзіць па ежу, і мы ўсе разам садзіліся глядзець тэлевізар», — успамінала яна. З’явіліся нават дні нараджэння, на якія ёй дарылі лялек Барбі. Гарыда называў дзяўчынку мянушкай Снупі (Snoopy) — «цікаўная». Сваё рэальнае імя ёй выкарыстоўваць было нельга.

Нэнсі ўжывала наркотыкі разам з мужам і часам у дурмане «шкадавала» дзяўчынку: «Гэты забег я вазьму замест цябе». Частку гвалту Гарыда здымаў на відэа — гэтыя запісы з жонкай у кадры потым стануць доказамі ў судзе.

Филлип и Нэнси Гарридо на суде. Фото: Reuters
Філіп і Нэнсі Гарыда на судзе. Фота: Reuters

У 1993 годзе Гарыда за парушэнне ўмоваў датэрміновага вызвалення на чатыры месяцы вярнулі ў турму — Нэнсі сказала Джэйсі, што ён «з'ехаў», і сама трымала яе пад замком. «Тады было лепш, не было сексу, „забегаў“», — скажа палонніца пра гэтыя месяцы на судзе. Але Гарыда вярнуўся, і ўсё працягнулася. Проста на назе ў яго цяпер быў GPS-бранзалет.

У 13 гадоў Джэйсі пачала набіраць вагу, і аднойчы Філіп і Нэнсі, якая далей працавала санітаркай, сказалі ёй, што яна цяжарная. Да доктара палонніцу не вадзілі — толькі паказалі некалькі відэа пра роды. 18 жніўня 1994 года 14-гадовая дзяўчынка, замкнутая ў павеці, нават не зразумела, што ў яе пачаліся схваткі. Роды былі вельмі балючымі, але на свет з’явілася здаровая дзяўчынка. «Яна была прыгожая. Я адчула, што больш не адна», — успамінала Джэйсі. Паводле яе, Гарыда падняў нованароджаную да неба і папрасіў Бога не дазволіць яму нанесці ёй шкоду. Ён назваў дачку Энджэл — «анёл».

Са з’яўленнем дзіцяці Гарыда стаў нашмат радзей гвалтаваць Джэйсі. Яе пачалі называць новым імем, якое яна сама сабе абрала — Аліса. Філіп зрабіў у двары невялікі абгароджаны ўчастак, куды Джэйсі з дачкой маглі выходзіць з павеці.

У 1997-м, калі Джэйсі было 16, яна зноў зацяжарала, і сексуальны гвалт спыніўся назусім. У лістападзе ў яе нарадзілася другая дзяўчынка, якой Гарыда даў імя Старлайт — «зорнае святло». З таго часу дзяўчына жыла ў асобнай палатцы.

Дом похитителей. Фото: Reuters
Задні двор за домам выкрадальнікаў Джэйсі Дугард. Фота: Reuters

Дочкі лічылі бацькамі мужа і жонку Гарыда, а «Алісу» — старэйшай сястрой. Яна вучыла іх чытаць і пісаць. У школу дзяўчынкі не хадзілі і ні разу не былі ў доктара. Філіп адкрыў дома невялікі друкаваны бізнес, для якога Джэйсі рабіла паліграфічны дызайн — камп’ютарныя праграмы давялося асвойваць самой — і нават стэлефаноўвалася з кліентамі: тыя лічылі яе дачкой уладальніка і пытанняў не задавалі, а дзіўныя прамовы гаспадара пра Бога цярпелі дзеля нізкіх цэн. Таксама Джэйсі даводзілася разам з Нэнсі даглядаць за ляжачай маці Гарыда.

Чаму яна не ўцякла?

Гэтае пытанне Джэйсі чула потым шмат разоў. Сама яна адказвала каротка: «Я адчувала, што мне больш няма куды ісці». У дзяўчынкі з’яўляліся думкі, што раз айчым (з якім не было асабліва цёплых адносін) яе «не любіць», то без яе ўсёй сям'і будзе лягчэй. Гарыда з самага пачатку пераконвалі яе, што маці яна не патрэбная і тая была радая ад яе пазбавіцца, што цяпер яе адзіная сям’я — яны, Філіп і Нэнсі. У дадатак яна верыла: застаючыся і падпарадкоўваючыся, яна ратуе ад той жа долі іншых дзяўчат. У яе не было нікога, да каго можна звярнуцца. А калі нарадзіліся дочкі, кінуць іх стала немагчыма — ды і незразумела, куды ўцякаць з дзвюма дзяўчынкамі без дакументаў на руках, без грошай, як ім наогул выжываць.

Пры гэтым Джэйсі вяла таемны дзённік, дзе пісала, як хоча быць свабоднай, і называла сябе баязліўкай за тое, што не наважваецца ўцякаць.

Джэйсі Дугард, 2011 год. Кадр з першага пасля вызвалення інтэрв'ю — з Даянай Соер на ABC News
Джэйсі Дугард, 2011 год. Кадр з першага пасля вызвалення інтэрв'ю — з Даянай Соер на ABC News

Калі Гарыда арыштуюць, яго дочкі будуць плакаць: для іх гэта быў проста бацька. А сама Джэйсі пазней прызнаецца сям'і ў пачуцці віны за тое, што ў яе была нейкая прыхільнасць да выкрадальніка.

Эксперты сыходзяцца на думцы, што такія паводзіны характэрныя для ахвяр, якія трапілі ў поўную залежнасць ад злачынца. Псіхолаг Джэніфер Фрэйд тлумачыць: выкрадзены ў дзяцінстве чалавек можа мімаволі выцесніць з псіхікі ўсведамленне гвалту і прывязацца да таго, хто дае ежу і прытулак, — гэта не толькі спосаб псіхалагічна даваць рады сітуацыі, але і стратэгія фізічнага выжывання. Псіхіятр Кіт Аблау дадае: падтрымліваць у сабе ярасць і адчай гадамі занадта разбуральна для псіхікі, і, каб захавацца, яна пачынае расказваць сабе гісторыю пра бяспеку — у гэтым сутнасць стакгольмскага сіндрому.

Аднак псіхіятр Фрэнк Охберг, які ў 1970-х і ўвёў тэрмін «стакгольмскі сіндром», лічыць яго тут недакладным: ён для дарослых закладнікаў, якія ўпадаюць у рэгрэс і патроху пачынаюць адчуваць давер да злачынца за тое, што той іх не забівае. Выпадак дзіцяці, якое вырасла ў няволі, паводле яго, дакладней апісвае іншая мадэль — адносіны гаспадара і раба, калі чалавек з юных гадоў залежыць ад таго, хто дае яму ежу, прытулак і адзіны чалавечы кантакт. «Такое адбываецца ў культурах, дзе жанчын аддаюць мужчынам у раннім узросце», — адзначыў псіхіятр.

Як яе маглі не знайсці?

Гэтае пытанне значна важнейшае. Усе 18 гадоў Гарыда быў сексуальным злачынцам на ўліку, пад кантролем як вызвалены датэрмінова. Пасля яго арышту ўлады правялі службовыя расследаванні — і спіс хібаў у іх шакуе.

Яшчэ ў год выкрадання сусед Гарыда паведаміў, што бачыў у двары светлавалосую дзяўчынку, якая назвалася Джэйсі. Але рэакцыі не было.

За тры тыдні да выкрадання афіцэр нагляду пабываў у той самай гуказапісвальнай студыі — значыць, пра дадатковыя пабудовы на ўчастку было вядома. «Калі б афіцэры хоць раз як след абшукалі дом і ўчастак Гарыда, яны б знайшлі Джэйсі», — напісаў у справаздачы акруговы пракурор Верн Пірсан. Але наступныя чатыры гады да Гарыда не прыходзілі зусім — да кароткага візіту ў траўні 1995-га. Гэтыя гады былі для палонніцы самымі цяжкімі.

Сараи и палатки на задним дворе Гарридо. С улицы их не было видно. Фото: cnn.com
Павеці і палаткі на заднім двары Гарыда. З вуліцы іх не было відаць. Фота: cnn.com

У 2006-м суседка патэлефанавала ў паліцыю: на заднім двары Гарыда жывуць у намётах людзі, дзеці, а сам ён «псіхічна хворы сексуальны маньяк». Але намеснік шэрыфа, які прыехаў па сігнале, пагаварыў з гаспадаром на ганку дома — і з’ехаў, не абследаваўшы тэрыторыі.

За апошнія дзесяць гадоў да арышту афіцэры па датэрміновых вызваленнях наведвалі Гарыда каля 60 разоў. У 2008-м адзін з іх убачыў на ўчастку 12-гадовую дзяўчынку — прамое парушэнне для паднагляднага, — але Гарыда сказаў, што гэта дачка яго брата, і афіцэр паверыў, не ведаючы, што ў брата дачкі няма. Паводле звестак генпракурора штата, агенты як мінімум раз гаварылі і з самой Джэйсі — але не сталі высвятляць, хто яна.

Дом похитителей. Фото: Reuters
Дом выкрадальнікаў Джэйсі Дугард. Фота: Reuters

GPS-бранзалет на назе Гарыда даслаў агентам 335 папярэджанняў пра страту сігналу — ніводнае не праверылі, хоць геалакацыя паказвала, што ён надзіва доўга знаходзіўся на заднім двары. У справаздачы пракурор Пірсан налічыў як мінімум 59 парушэнняў, любое з якіх магло прывесці да скасавання вызвалення і да знаходжання Джэйсі: з дзясятак станоўчых тэстаў на амфетаміны, некалькі разоў — разведзеная мача на аналізах. Усё гэта афіцэры ігнаравалі. Пазней, прызнаючы такія прамашкі, чыноўнікі тлумачылі іх перагружанасцю: на кожнага падапечнага ў афіцэра па датэрміновых вызваленнях прыпадала ў сярэднім не больш за 45 хвілін на тыдзень.

Важнай прычынай Пірсан таксама назваў залішні давер да псіхіятрычных высноваў, якімі Гарыда паспяхова маніпуляваў, пераконваючы, што ён змяніўся. Так, псіхіятр, які назіраў яго з 1993 года, напісаў у дакументах: «Прагноз выдатны. Я не думаю, што ён калі-небудзь будзе схільны да рызыкі здзейсніць гвалт».

Верн Пирсон, прокурор округа Эль-Дорадо, выступавший гособвинителем. Фото: mtdemocrat.com
Верн Пірсан, пракурор акругі Эль-Дарада, які выступаў дзяржабвінаваўцам. Фота: mtdemocrat.com

Апошні штрых — менш чым за месяц да развязкі Філіп падпісаў у службе датэрміновых вызваленняў паперы, абавязаўшыся не кантактаваць з дзяўчатамі 14−18 гадоў. Дома ў яго на гэты момант былі ўласныя дочкі 11 і 14 гадоў, пра якіх ніхто не ведаў.

Прарок

У 2000-х Гарыда канчаткова аддаўся рэлігійнаму фанатызму. Ад хрысціянства ён перайшоў да складзенай ім самім сістэмы, у якой называў сябе прарокам, што валодае найважнейшымі таемствамі. У 2008-м мужчына зарэгістраваў царкву «Воля Божая» і пачаў клікаць людзей на казані да сябе дадому. У сваім блогу ён пісаў, што кіруе гукам сілай думкі і што Стваральнік надзяліў яго «здольнасцю гаварыць на мове анёлаў», каб даць свету папярэджанне, якое «прывядзе да выратавання ўсяго чалавецтва».

Часам ён наведваў фірмы, з якімі супрацоўнічаў, прыводзячы з сабой дзвюх светлавалосых дачок. Яго проста лічылі дзіўным чалавекам, «павернутым на Богу», і трохі шкадавалі.

Яшчэ Гарыда паказваў кліентам самаробны апарат, праз які яны нібыта маглі пачуць іншасветныя галасы, што перадаюцца праз яго розум. «Ён казаў, што Бог растлумачыў яму, як вынайсці гэтую машыну», — успамінала адна з кліентак. Па сутнасці ж гэта было нешта накшталт мікшарнага пульта з узмацняльнікам. Філіп сядзеў са сваім «апаратам» пад навесам каля дома, раздаваў ваду, спяваў песні і шаптаў рэлігійную бязглуздзіцу ў мікрафон.

«Прылада» Філіпа Гарыда. Фота: CNN
«Прылада» Філіпа Гарыда. Фота: CNN

Па іроніі лёсу, менавіта гэты фанатызм прывёў да таго, што Джэйсі нарэшце стала свабоднай.

Занадта ціхія дзеці

24 жніўня 2009 года Гарыда з дзвюма дочкамі прыйшоў у офіс ФБР у Сан-Францыска і пакінуў рукапіснае эсэ пра рэлігію, шызафрэнію і сексуальнасць — сцвярджаў, што знайшоў спосаб пераадолець схільнасць да дэвіянтных паводзінаў. У той жа дзень ён выправіўся з дзяўчынкамі ў Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі — хацеў правесці там мерапрыемства сваёй царквы. У паліцыі кампуса яго прыняла афіцэр Ліза Кэмпбел. Яна слухала блытаны аповед пра нейкую маштабную падзею, датычнасць уладаў і ФБР і «волю Божую» — але насцярожылі яе не словы візіцёра, а самі дзяўчаты: бледныя, у аднолькавых шараватых сукенках, абсалютна абыякавыя. «Звычайна дзеці ў іх узросце выпраменьваюць энергію, а яны сядзелі ціха, ні на што не рэагавалі», — апіша яна потым. Кэмпбел падзялілася трывогай з калегай Элі Джэйкабс, і тая прабіла імя мужчыны па базе. Аказалася, Гарыда судзімы, знаходзіцца пад наглядам пасля датэрміновага вызвалення і ў рэестры сексуальных злачынцаў.

На наступны дзень Гарыда зноў прыйшоў з дзяўчатамі — і Джэйкабс назірала за імі, пакуль ён зноў выкладаў Кэмпбел рэлігійную блытаніну. Абодва дзіцяці сядзелі ў нейкіх «правільных» позах, адказвалі застылымі ўсмешкамі і завучанымі фразамі — не дзеці, а робаты. Ён сам мімаходзь згадаў, што 33 гады таму быў арыштаваны за выкраданне і згвалтаванне, але цяпер прыйшоў да Бога, — дзяўчынкі не адрэагавалі. У малодшай Джэйкабс заўважыла прыпухласць над вокам; тая адчаканіла: «Гэта прыроджаны неаперабельны дэфект, у мяне гэта на ўсё жыццё» — і ўсміхалася далей. На пытанне пра школу абедзве хорам адказалі: «Мы на хатнім навучанні», дадаўшы, што дома з імі жыве яшчэ 28-гадовая сястра. Сыходзячы, Гарыда сказаў, як ганарыцца сваімі дзяўчатамі.

Элли Джейкобс и Лиза Кэмпбелл. Фото: policemag.com
Элі Джэйкабс (злева) і Ліза Кэмпбел. Фота: policemag.com

Фармальных падставаў затрымліваць яго не было, і Джэйкабс проста пакінула паведамленне афіцэру па датэрміновых вызваленнях Эдварду Сантасу. Той ператэлефанаваў: «У Гарыда няма ніякіх дачок», — і быў уражаны, пачуўшы, што дзяўчаты відавочна падобныя да яго і называюць яго татам. Сантас з’ездзіў да Гарыда, але дзяцей не заспеў, а гаспадар сказаў, што ў кампусе з ім былі дочкі сябра. Афіцэр загадаў Гарыда прыйсці раніцай у паліцыю з бацькамі дзяўчат — інакш звернецца ў апеку.

Назаўтра Гарыда нечакана прыехаў з Нэнсі, дзвюма дзяўчатамі і маладой жанчынай, якую прадставіў як Алісу. Усіх развялі па розных пакоях, і паказанні пачалі разыходзіцца. Джэйсі — гэта была яна — спачатку спрабавала прыкрыць выкрадальніка і запэўнівала, што прыехала з іншага штата і хаваецца ад мужа-аб'юзера. Нарэшце, калі афіцэра-мужчыну змяніла жанчына, Джэйсі наважылася сказаць, што на самай справе дзяўчаты — яе дочкі. Яе спыталі пра сапраўднае імя, але яна не магла нават вымавіць яго ўслых упершыню за 18 гадоў. На лістку яна напісала: «ДЖЭЙСІ ЛІ ДУГАРД».

Гарыда на той момант ужо прызнаўся, што выкраў Джэйсі яшчэ дзіцем і гвалтаваў яе. Філіпа і Нэнсі арыштавалі ў той жа дзень, 26 жніўня. На наступны дзень Джэйсі абняла маці ўпершыню за 18 гадоў, чатыры месяцы і 16 дзён — менавіта столькі доўжыўся яе палон.

Джэйсі Дугард, 2016 год. Кадр з інтэрв'ю на ABC News
Джэйсі Дугард, 2016 год. Кадр з інтэрв'ю на ABC News

467 гадоў на дваіх

Пасля арышту ФБР абшукала ўчастак Гарыда ў сувязі з нераскрытымі забойствамі некалькіх жанчын, чые целы знайшлі ў 1990-я ля прамысловага парку побач з яго працай. Дадатковых абвінавачанняў, зрэшты, яму так і не выставілі.

Спачатку Гарыда віны не прызнаваў, адвакаты дабіваліся прызнання яго вар’ятам. Кэці Калаўэй, якая прыехала на папярэдняе паседжанне, баялася, што гэта можа спрацаваць: «Ён выключна ўмела прымушае людзей верыць менавіта таму, у што ён хоча, каб верылі. Яму ўдалося хаваць само існаванне трох чалавек цягам 18 гадоў».

Філіп Гарыда на судзе. Фота: Reuters
Філіп Гарыда на судзе. Фота: Reuters

У красавіку 2011 года абодва Гарыда ўсё ж прызналі віну ў выкраданні і сексуальным гвалце — гэта было вынікам угоды са следствам, якая давала Нэнсі шанц на карацейшы тэрмін, а Джэйсі і яе дачок вызваляла ад цяжкіх паказанняў на адкрытым працэсе з перакрыжаваным допытам.

2 чэрвеня 2011 года суддзя Дуглас Файмістэр асудзіў 60-гадовага Філіпа Гарыда на максімальны тэрмін — 431 год зняволення. 55-гадовая Нэнсі атрымала ад 36 гадоў да пажыццёвага.

Суддзя назваў Гарыда класічным сексуальным драпежнікам і адзначыў, што ў той чэрвеньскі дзень 1991 года ён мэтаскіравана выправіўся на «шопінг за ахвярай». «Па сутнасці, вы ўзялі чалавека і ператварылі яго ў рухомую маёмасць, у прадмет мэблі, якім карысталіся, як загадваў вам капрыз. Вы наноў вынайшлі рабства», — сказаў Файмістэр.

Судья Дуглас Файмистер. Фото: Reuters
Суддзя Дуглас Файмістэр. Фота: Reuters

У суд на выніковае паседжанне Джэйсі не прыйшла — яе заяву зачытала маці. Гарыда яна адрасавала: «Я вырашыла не прыходзіць сёння, таму што адмаўляюся марнаваць у вашай прысутнасці яшчэ хоць адну секунду свайго жыцця. Я ненавідзела кожную секунду кожнага дня гэтых 18 гадоў». Нэнсі яна сказала: «Не існуе Бога ў сусвеце, які ўхваліў бы вашыя дзеянні. Спадзяюся, што вас абаіх будзе пераследваць столькі ж бяссонных начэй, колькі мяне». А абаім разам заявіла: «Можаце пакінуць сабе свае прабачэнні і пустыя словы. Цяпер у мяне ўсё добра, я больш не жыву ў кашмары, мяне атачаюць выдатныя сябры і сям’я — і вы больш ніколі гэта ў мяне не адбераце. Вы больш не маеце значэння». Кэці Калаўэй выказалася пра Філіпа карацей: «Спадзяюся, ён згніе ў пекле».

Не канец жыцця

Штат Каліфорнія ў 2010 годзе выплаціў Дугард 20 мільёнаў даляраў у межах міравога пагаднення, згодна з якім чыноўнікі прызналі, што супрацоўнікі службы ўмоўна-датэрміновага вызвалення, адказныя за назіранне за Гарыда, неаднаразова дапускалі памылкі. Аналагічны пазоў да ўрада быў адхілены ў 2016 годзе, бо суд не ўгледзеў датычнасць федэральных уладаў да справы.

Шествие в поддержку Джейси Дугарт в Саут-Лейк-Тахо после ее освобождения. Фото: Reuters
Шэсце ў падтрымку Джэйсі Дугард у Саўт-Лэйк-Таха пасля яе вызвалення. Фота: Reuters

З таго часу Каліфорнія ўзмацніла кантроль за асобамі, якія ўчынілі сексуальныя злачынствы. Сенатар штата Тэд Гейнс выкарыстаў відэазапісы праверак Гарыда як аргумент на карысць рэформы правілаў нагляду за ўмоўна-датэрмінова вызваленымі.

Джэйсі Дугард доўга працавала з псіхолагам, як і яе дочкі. Вельмі дапамагла жанчыне іпатэрапія: зносіны з коньмі вярнулі ёй здольнасць давяраць і выказваць пачуцці. У рамках тэрапіі Джэйсі пачала пісаць мемуары і ў 2011 годзе выдала кнігу «Скрадзенае жыццё», дзе расказала пра гады ў палоне і тое, як акрыяла ад гэтага. Кнігу яна напісала сама, без суаўтара, хоць мела ўсяго пяць класаў адукацыі. На першай старонцы размешчаная яе цытата: «Я не лічу сябе ахвярай. Я проста выжыла ў невыноснай сітуацыі». У першы дзень разышлося 175 тысяч асобнікаў, уключаючы рэкордныя для выдавецтва продажы электроннай версіі. У 2016-м выйшла другая кніга — «Свабода: мая кніга першых дасягненняў».

Зараз, у 2026-м, Джэйсі 46 гадоў. Яна жыве з маці і дочкамі — іх асобы, як і дыслакацыя, ніколі не раскрываліся. Джэйсі заснавала фонд, які дапамагае выжылым ахвярам выкраданняў і іх сем’ям, а сама па-ранейшаму займаецца коньмі.

Джейси Дугард, 2022 год. Фото: Facebook
Джэйсі Дугард, 2022 год. Фота: Facebook

А што з яе выкрадальнікамі? Аказваецца, з суровым прысудам усё не так адназначна. У Каліфорніі дзейнічае праграма для пажылых зняволеных, і Філіп і Нэнсі Гарыда падпадуць пад яе пасля адбыцця часткі тэрміну. Нэнсі зможа падаць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ўжо ў 2029 годзе.

Філіпу ж фармальнае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні прызначылі на 26 жніўня 2034 года (яму тады будзе 83). Але гэта не значыць, што ў яго ёсць рэальныя шанцы вызваліцца. На практыцы камісіі задавальняюць толькі каля чвэрці хадайніцтваў па гэтай праграме. І пракурор Пірсан ужо заявіў, што ў выпадку Гарыда гэта выключана: «Калі чалавек даказаў, што настолькі небяспечны, мы наогул не павінныя абмяркоўваць яго вызваленне».

Зрэшты, менавіта так усе думалі і ў 1988 годзе — а Гарыда ўсё роўна аказаўся на волі.

Чытайце таксама